Восень

Тодар Кляшторны

I
 
Слаўны вечар... Пагода ліпнёвая,
А у садзе красуецца верасень...
Колькі яблыкаў восень ружовая,
Залацістая восень развесіла.
 
II
 
Блудзяць хмаркі - вандроўнікі дальнія,
Месяц косіць абмежкі ліловыя,
Загарэлі затоны крыштальныя,
Засмуцілася сінь вераснёвая.
 
III
 
Плачуць гусі - асеннія здраднікі,
Плачуць гусі, як сэрца дзяўчыны...
Заглядзеліся ў даль канаплянікі
Над бялявым вянком павучыння.
 
IV
 
Эх вы, сцежкі, - дарожанькі вузкія,
Эх ты, просінь, тыняная просінь...
Хоць прыгожа вясна беларуская, -
Прыгажэй беларуская восень.
 
V
 
Як прыгожы сады вераснёвыя...
Закахаўся я ў казачны верасень...
Колькі яблыкаў восень ружовая,
Беларуская восень развесіла.
 
[1928]

Іншыя творы: Тодар Кляшторны