«Белыя паляны, белыя гаі...»

Тодар Кляшторны

Белыя паляны, белыя гаі...
Пчолы ледзяныя кружацца ў галлі,
 
Кружацца раямі, сыплюцца на дол,
Апушылі хвоек срэбраны прыпол.
 
А з-за лесу-гаю скача па лугах
Хтосьці незнаёмы ў ледзяных санях.
 
З сіняватых даляў, з сіняватай цьмы
Хтосьці напявае залатыя сны.
 
Хай галосяць ветры ў цемені начной,
Сядзем, дарагая, пасядзім з табой.
 
Раскажы мне шчыра, праўду раскажы, -
Хто ў чароўных вочах зоры патушыў?!
 
Хто замёў снягамі у душы вясну?
Сэрца хто параніў - вымеў цеплыню?!
 
Хто распяў з каханнем сэрца на крыжы,
Раскажы мне праўду, любая, скажы?!
 
І маўчаць пацёмкі... любая маўчыць....
Ледзянеюць словы, і душа баліць...
 
Белыя паляны, белыя гаі,
Пчолы ледзяныя кружацца ў галлі.
 
І мярцвеюць змрокі між сівых завей,
Прытуліся бліжай, сэрца абагрэй...
 
[1926]

Іншыя творы: Тодар Кляшторны