«Зацвілі сярэбраныя росы...»

Тодар Кляшторны

Зацвілі сярэбраныя росы
У кілішках выцвілых лістоў,
Запалілі зоры папяросы
Над буланай грывай туманоў.
 
Залатой мякінай лістападу
Сыпле клён над скронямі акон,
А ў галлі абветранага саду
Месяц сплёў паўтысячы карон.
 
Ледзянее ў шэрані рабіна
Па адцвіўшай сонечнай вясне.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Уміраюць палкія гадзіны,
І зямля бялее пакрысе.
 
Але дні златымі павадамі
Не завяжуць сонечных пуцін.
Не заплача сэрца з журавамі
У туман ажвіраных далін.
 
Не шкада рассыпаных гадзінаў:
«Мы жылі, жывём і будзем жыць»,
Бо зіяюць зоры над краінай
І ў туман схіляюцца крыжы.
 
Залатой мякінай лістападу
Пашумяць, сумуючы, гаі...
Скора ў сінь сталёваю брыгадай
На палях засвішчуць салаўі.
 
Зацвітуць сярэбраныя росы
У сталёвым колеры машын,
І запаляць зоры папяросы
Над зялёнай пражаю далін.
 
1926

Іншыя творы: Тодар Кляшторны