На зары

Тодар Кляшторны

На зары іскрыцца снег сыпучы,
І мароз пушысцей на зары...
Калі пройдзены абрывістыя кручы,
Перайдзём дрымучыя бары.
 
На зары і радасць пунсавее,
Весялее скрыпак пераліў...
Маладосць у казачныя шлеі
Запрагае сонечныя дні...
 
Перайдзём застыўшыя даліны,
Перастанем верыць міражам,
Будзем знаць сапраўдныя пуціны
К дарагім далёкім маякам.
 
Застанецца той за рубяжамі,
Хто ў глухіх аснежаных палёх
Вечна жыў сляпымі міражамі
І блудзіў заўсёды без дарог.
 
На зары іскрыцца снег сыпучы,
І мароз пушысцей на зары...
Калі пройдзены абрывістыя кручы,
Перайдзём дрымучыя бары.
 
На зары паблёкшыя начніцы
Скрыжавалі вострыя мячы,
Але наша ранне серабрыцца,
Нашым зоркам граюць скрыпачы.
 
На зары і радасць пунсавее,
Весялее скрыпак пераліў...
Маладосць у казачныя шлеі
Запрагае сонечныя дні.
 
1926

Іншыя творы: Тодар Кляшторны