«Прыйдзі аднойчы...»

Васіль Зуёнак

Прыйдзі аднойчы
            ў вечаровы час,
Калі плывуць дымы,
            як верасы,
Да кургана пясчанага,
            што нас
Разлучыць назаўжды,—
Прыйдзі, мой сын.
 
Павер хвіліну нейкую,
            што я
Жывы стаю між трапяткіх бяроз
I слухаю:
    у праведных баях
Што ты здабыў?
        Што ў сэрцы ты прынёс?..
 
Прыйдзі —
    як ветру жніўнага павеў,
Каб пада мною дыхалі палі
I колас той звінеў — не адзвінеў,
Што к сонцу
    на руках
        ты ўзняў спяліць.
 
Прыйдзі —
    як песня,
        што табе збярог
Бацькоўскі край
        і дбайна перадаў.
Прыйдзі —
    як рэха з тысячы дарог,
Дзе голас мой твае сцягі гайдаў.
 
Прыйдзі —
    як думкі вогненнай усплёск,
Як гром ракет, што ўзлёт твой акрыляў...
Прыйдзі,
    мая надзея і мой лёс,—
I лёгкай будзе
    для мяне
        зямля.

Іншыя творы: Васіль Зуёнак