«Я са шляхоў далёкіх...»

Васіль Зуёнак

Я са шляхоў далёкіх і цяжкіх
Дамоў гасцінцаў прывязу такіх:
З паклонам бацьку —
Мужнасць і адвагу;
Братам — па-брацку:
Да палётаў прагу;
На завушніцы для малой сястрычкі —
Дзве зіхатлівыя
Смяшынкі-знічкі;
Ласкавай жонцы —
Зорак на каралі;
Сынам — сто сонцаў
Неадкрытых
I сто даляў...
I кожны будзе ў захапленні, мусіць...
...Дзень добры, мама,
        вось і я,
                вярнуўся...

Іншыя творы: Васіль Зуёнак