«Не дай мне Бог...»

Васіль Зуёнак

Не пакідайце ж мовы нашай
                         беларускай, каб не ўмёрлі.
                         Ф.Багушэвіч
 
Не дай мне Бог духоўным стаць бадзягам,
Без памяці жывой, без каранёў,
Ісці бязмэтна за ілжывым сцягам
І верыць, што вяшчуе вараннё.
 
Народзе мой, не дай мне абмыліцца,
Маўчаць, як ты маўчаў цераз вякі,
І рабскаю рахманасцю хваліцца,
І падстаўляць для ўдару дзве шчакі -
 
Гісторыю, распятую на «крэсах»,
І на заходніх з поўначчу краях,
І мову, што спрадвеку лёс накрэсліў,
Каб ты Купалы словам акрыяў.
 
Няўжо забыта ўсё, перазабыта -
Сыноў найлепшых светлы запавет?..
Не веру, што аднойчы з тварам сытым,
З духоўнай торбаю ты выладзішся ў свет...
 
Ці быў калі народ-самазабойца! -
Скажыце мне, вучоныя мужы...
Дык што ж цябе, не мота, не прапойцу,
Штурхае да апошняе мяжы?
 
Я ведаю: народы паміраюць...
Але такі - з Хатынямі ў душы,
Якому пекла можа здацца раем, -
Такі, як свет, павінен вечна жыць.
 
Не дай жа ў сэрцы зруйнаваць краіну,
Што на шляхах крывавых збудаваў,
Пайсці перараджэнца каляінай,
Што мову забываў ці забіваў...
 
Народзе мой, прабач дакор палынны, -
Ці мне сароміць і ці мне вучыць?..
Ты знаеш лепш, ты не падсудны сыну.
Але ці лепш, як здрадна сын маўчыць?

Іншыя творы: Васіль Зуёнак