«Над зямлёю шугае верасень...»

Васіль Зуёнак

Над зямлёю
                    шугае верасень -
Восені ветразь!..
І плывуць у блакіце чыстым
Ключы галасістыя...
Цеплыня адплывае,
                    крылом узмахнуўшы аслаблым -
Летам бабіным...
Не трымайце ж мяне сягоння,
Сцены хат,
                    у лагодным палоне:
Над зямлёю шугае верасень -
Восені ветразь!..
Не шукайце, сябры і родныя,
Не гукайце на сцежках пройдзеных...
Не сустрэнемся - слёз не ліце.
«Ён жа быў летуценнік, - скажыце, -
Ён таксама паплыў
                                 пад вераснем,
Ён -
        пад ветразем...»

Іншыя творы: Васіль Зуёнак