«Прыедзь у край мой ціхі...»

Яўгенія Янішчыц

Прыедзь у край мой ціхі,
Тут продкаў галасы,
Тут белыя бусліхі
І мудрыя лясы.
 
Хапае на Палессі
І сонца, і вады.
І што ні двор - то песня,
Што вёска - то сады.
 
Па травах светла-шызых
Мы пройдзем ля ракі,
Дзе, мыючы бялізну,
Вядуць сваё жанкі.
 
І будзе песня спета
Пра шчасце і бяду,
І будзе падаць лета
Ў гуллівую ваду.
 
Прыедзь у край мой ціхі,
Тут продкаў галасы.
Тут белыя бусліхі
І мудрыя лясы.

Іншыя творы: Яўгенія Янішчыц