Не воблака, а проста аблачынка...

Яўгенія Янішчыц

Не воблака, а проста аблачынка
Загадкава плыве над галавой.
Смяюся я:
         вясёлая дзяўчынка,
Як матылёк,
         ляціць над кладкай той...
 
Як добра ёй журыцца беспрычынна!
Да твару ёй і лета, і зіма...
Усміхнуся я:
         яшчэ бяжыць дзяўчынка
Па кладцы той, якой даўно няма.

Іншыя творы: Яўгенія Янішчыц