Дрэва волі

Робэрт Бёрнс

Цудоўны ясень вырас, брат,
          У горадзе Парыжы;
Пад засень ясеневых шат
          Бяжыць чарнявы, рыжы,
 
Стары, малы, усякі люд,
          Хадзячы і бязногі.
Спяшаюцца, як на салют
          У гонар перамогі.
 
Раней стаяла там турма,
          Тыранаў абаронца.
Цяпер Бастыліі няма,
          На плошчы смех і сонца.
 
І што ні год, то новы плод
          На гэтым дрэве спее.
І хто той плод хоць раз у рот
          Паклаў, той разумее,
 
Што не скаціна чалавек,
          Што і плебеі - людзі,
Што рабства аджывае век
          І болей так не будзе.
 
З усіх багаццяў даражэй
          Французскі гэты плод нам.
Ён прыдае, як чарадзей,
          Моц, веру ўсім галодным. [...]
 
Мой край! І твой не ссечан лес,
          Дуброў, гаёў - не жменя.
Былі часы - і ты не лез
          Па слова у кішэню.
 
Табе ў нядаўнія гады
          Ўсяго было даволі.
Што ж ты не вырасціў тады
          І нам хоць дрэўца волі?
 
Нам без яго нямілы свет,
          А хлеб - з чужога мліва,
І доля - горкі пустацвет
          На полі неўрадлівым.
 
Сваім крывавым мазалём
          Мы кормім крывасмокаў,
А самі, бедныя, жывём
          І скокам, брат, і бокам.
 
Але я веру - прыйдзе дзень,
          І ён не за гарамі,
Калі Свабода, як прамень,
          Разгоніць змрок над намі.
 
І ўсе народы, ўсе краі,
          Здабыўшы дрэва волі,
Паладзяць, бы ў адной сям'і
          Браты шчаслівай долі!

Іншыя творы: Робэрт Бёрнс