Джон Ячмень

Робэрт Бёрнс

Тром каралям так насаліў
Няўступлівасцю ён,
Што пакляліся каралі:
«Ты знікнеш, рыжы Джон!»
 
Яго завезлі на папар,
Сахой разрылі дол.
«Вось тут папарся і папар
Спрадвечны свой падзол!»
 
Прыйшла вясна, на той загон
Дажджы не раз прайшлі.
І ўсім на дзіва ўпарты Джон
Падняўся з-пад раллі.
 
Ён, жыццялюб і жартаўнік,
Буяе ў дождж і ў суш,
Трасе асцём, як жмутам пік:
«Не падступай, не руш!»
 
Але прыйшла пара жніва,
Апошні час настаў,
І Джон, сівая галава,
Развітвацца пачаў:
 
«Пажыў, пара і паміраць.
Прымай, зямелька, ў гной».
...І тут узброеная раць
Зноў рушыла вайной.
 
Спярша з касой прайшлі па ім,
Звалілі на пракос,
Упоперак вязьмом тугім
Звязалі - і на воз.
 
Вязуць на ток, а на таку -
Пад цэп, давай лупіць
І па спіне, і па баку,
Як канакрада, біць.
 
Зламалі, сцерлі на муку
Ўсё цела - ну, не ўстаць!
І зветрылі на скразняку,
Каб пэўна даканаць.
 
І каб накпіць з яго касцей,
Іх кінулі ў касцёр,
А сэрца мельнік-ліхадзей
У жорнах перацёр.
 
І ў бочку ссыпалі, на дно,
Прах сэрца з шорсткіх жмень,
Але і там усё адно
Не згінуў Джон Ячмень.
 
Жывы - жыве! Як у катле,
Пад абручом бурліць,
Прэ пенай з кубкаў на стале
І душы весяліць.
 
Не прападзе бяссмертны Джон
Ні ў горы, ні ў бядзе.
Сваёй крывёю будзіць ён
Адвагу ў грамадзе.
 
З ім не павесіш галаву,
Што б ні было ў жыцці.
Ён вам прымусіць і ўдаву
У прытупкі пайсці.
 
Шатландцы! Сыдземся ж у круг
Застолля ў ясны дзень
І грымнем: - Джон, пачніце, друг.
Вам - слова, Джон Ячмень!

Іншыя творы: Робэрт Бёрнс