Заклік Бруса да шатландцаў

Робэрт Бёрнс

Вы, бясстрашныя мужчыны,
Што з Уолесам айчыну
Баранілі чын па чыну
І мяне віталі, -
 
Знайце! Меч брытанскай змовы
Ўзняты зноў, і мы гатовы
Бой прыняць, каб іх падковы
Край наш не тапталі.
 
Нашы сёлы, нашы нівы
Вораг люты і пыхлівы,
Вераломны Эдвард хцівы,
Заняволіць можа.
 
Час настаў! За агароджай
Мужна стрэнем стан варожы
І ў баі - ці пераможам,
Ці галовы зложым!
 
Той, хто з бітвы можа збегчы
І рабом на плаху легчы,
Хай пры печы грэе плечы
І не ганьбіць строю.
 
Хай жа стануць у страі
Тыя, што ў цяжкім баі
Будуць біцца за траіх
З мужнасцю герояў!
 
За спакой далін шатландскіх,
За жніво ў палях сялянскіх,
За пітво ў харомах панскіх
Дружнымі радамі
 
Бурным рушымся прыбоем
На захопнікаў і з боем
Абаронім ад разбою
Волю нашу самі!

Іншыя творы: Робэрт Бёрнс