«Маладыя гады...»

Максім Багдановіч

Маладыя гады,
Маладыя жаданні!
Ні жуды, ні нуды,
Толькі шчасьце каханьня!
 
Помніш толькі красу,
Мілы тварык дзявочы,
Залатую касу,
Сіняватыя вочы!
 
Цёмны сад-вінаград,
Цьвет бяленькі вішнёвы, —
І агністы пагляд,
І гарачыя словы!
 
Будзь жа, век малады,
Поўны сьветлымі днямі!
Пралятайце, гады,
Залатымі агнямі!

Іншыя творы: Максім Багдановіч