Сярод лясоў наднёманскіх

Максім Танк

Сярод лясоў наднёманскіх,
Густога сасняка
Жыла малая Верачка -
Дачушка лесніка.
 
Яна дружыла з дрэвамі,
З птушынаю сям'ёй,
Звярынай усялякаю
І з ягадай лясной.
 
Ды вось аднойчы восенню
Лес, чуе, не пяе.
І стала ёй нявесела,
Сум агарнуў яе.
 
Шкада ёй ападаючых
Лістоў і матылькоў,
Шкада ёй адлятаючых
У вырай журавоў.
 
І вось пацешыць Верачку
Жучкі прыбеглі спрытныя,
Камарыкі гуллівыя,
Мурашкі працавітыя.
 
Гудуць, звіняць і раяцца
З світання да начы,
Не знаюць, як гаротніцы
Ў бядзе дапамагчы.
 
Прыбеглі зайцы шэрыя,
Вавёрачкі гуллівыя,
Бабры, лісіцы, вожыкі,
Казулі палахлівыя.
 
Паселі кругам, раяцца
З світання да начы,
Не ведаюць, як Верачцы
Ў бядзе дапамагчы.
 
Усёй сям'ёй з'явіліся
Цецерукі стракатыя,
Глушцы, вароны з совамі
Ды з дзятламі насатымі.
 
Сядзяць на дрэвах, раяцца
З світання да начы,
Не ведаюць, як Верачцы
Ў бядзе дапамагчы.
 
Пачуў пра гэта павучок.
Пытае: - Што за гул?
Мо я, сябры-таварышы,
Як-небудзь памагу? -
 
- Ну, дзе табе! Маўчаў бы лепш
Ты ў засені лістка, -
Гавораць і смяюцца ўсе
З малога павучка.
 
І ён па павуціначцы
Пакрыўджаны палез
Дамоў, пад ліст арэхавы,
У хмызнякі, у лес.
 
А як настала ночанька,
Серп месяца заззяў,
Ён павуціну тонкую
Хутчэй снаваць пачаў.
 
Ад кусціка да кусціка,
Між лапак і галін,
Ад елкі да сасоначкі,
Ад неба да зямлі.
 
А потым зоры ясныя
З краплістаю расой
Павесіў ён званочкамі
На павуцінцы той.
 
Калі ж прачнулася зара
І ветрык прыляцеў,
Лес залатымі струнамі,
Ажыўшы, зазвінеў.
 
На звон устала Верачка.
Сцяжынаю лясной
Ідзе яна і дзівіцца,
Што лес спявае з ёй.
 
Кране рукой рабіны куст -
Звон чуецца рабінавы,
Кране яна каліны куст -
Звон чуецца калінавы.
 
А сонца струны павучка
Кране празрыстым променем,
Заслухаешся, як гудуць
Лясы-бары над Нёманам.

Іншыя творы: Максім Танк