«Бараўляны, Бараўляны...»

Еўдакія Лось

Бараўляны, Бараўляны,
бор, зялёная трава,
дзьмухаўцовыя паляны,
залацістая жарства!..
 
Колькі міру, колькі цішы,
колькі сонечнага дня!
Хвоя родная калыша
у дупле ваверчаня.
 
Спеліць ягаду суніца,
конік скрыпачку бярэ...
Хтосьці крочыць да крыніцы,
хтосьці пашаньку арэ...
 
На травінцы пад вясёлкай
крошка-кропелька дрыжыць.
І спявае перапёлка
ў Бараўлянах:
«жыць» ды «жыць»!
 
1977

Іншыя творы: Еўдакія Лось