«Ну што ж: усё ў жыцці лагічна...»

Еўдакія Лось

Ну што ж: усё ў жыцці лагічна,
калі ўсё яно - з нягод...
П'е з лужыны анкалагічнай
рабы анкалагічны кот...
 
Жанкі, мужчыны пазіраюць
на сцежку: новую вядуць!
І хворымі вачмі пытаюць:
куды ж то гэту пакладуць?
 
Ці з імі ў рад - пад нож няўмольны,
ці ў адзіночку ў старане.
Гарыць там вінкель трохвугольны
на металічнай дзверыне...
 
Там лечаць золатам няшчасных,
каб цень надзеі не астыў, -
і аддае ім паўсячасна
нябачны радый свой актыў...
 
О гора, гора залатое,
нашто ты людзям з танных хат!
Ім гэтак дорага ўсё тое,
што мелі дома - да палат.
 
І кожны быў сабе асэсар
і не трымцеў пад жахам слоў,
якіх не выкажа прафесар,
але запіша, будзь здароў...
 
А бэз пад вокнамі буяе,
і што, маёваму, яму,
што хтось чарговы праклінае
анкалагічную турму!
 
1977

Іншыя творы: Еўдакія Лось