«Кожны самотна пройдзе свой лёс...»

Данута Бічэль-Загнетава

Кожны самотна пройдзе свой лёс
па вадзе - як Ісус Хрыстос.
З птахамі ўпрочкі не паляціш.
Мусіш самотна несці свой крыж.
 
Шлях у нябёсы канчаецца тут.
Трэба адно зразумець:
хто паняверыць раззброены люд,
гэткіх ня вызваліць смерць.
 
Праўды ня ведаў, вядомай здавён,
хто прадаваў родны край:
тут, на зямлі, бессмяроцце і сон,
тут, на Радзіме, адхланне і рай...

Іншыя творы: Данута Бічэль-Загнетава