Літанне

Данута Бічэль-Загнетава

Святая зямля нашых продкаў,
застанься апорай нашчадкаў.
 
Замглёная зорка Рагнеды,
не была ты пасцельніцай здрайцаў.
 
Чарадзейны меч Усяслава,
вырвіся з логнаў на ворагаў нашых!
 
О сонейка Ефрасінні,
умацоўвай дзявочыя сэрцы.
 
Ясны месяц Скарынавай кнігі,
асвятляй нашу сумную долю.
 
Высокі талент Кірылы Тураўскага,
паўтарыся яшчэ раз.
 
Запалай, наша роднае слова,
спрадвечным святлом нашых душаў
і дазволь цябе піць, як жывую ваду
з лубянога карца ля крыніцы,
прадвяшчаць, як нясеш сабой праўду,
і таіць, як нясеш таямніцу.
 
На дзейнасць са шчодрым плёнам
паспрыяй нам, сучассе.
 
Вецер болю, прасейвай Палессе
праз адчай спапялёных вёсак.
Прадонне бяды нашай — Прыпяць,
каб жа дзецям цябе не піць!

Іншыя творы: Данута Бічэль-Загнетава