Лясное рэха

Валянцін Лукша

Шмат стагоддзяў сплыло,
Шмат вады збегла ў сіняе мора,
Як у краі Прыдзвінскім
Адбылася ўся гэта гісторыя.
 
Лесу людзі цураліся -
Там уладарылі духі.
Голас духаў лясных
Краем вуха баяліся слухаць.
 
Жыў-быў Янка-пастух.
Статак пасвіў штодня ён у лесе.
На жалейцы іграў
Мілагучныя простыя песні.
 
Беднасць гнула яго,
І не бачыў ён святаў вясковых.
Хоць міналі гады,
Не знаходзіў ён шчасця падкову.
 
І аднойчы, як сонца
Схілілася ў лесе на вечар,
Статак Янка паклікаў -
Няма калгатлівых авечак.
 
Думаў-думаў пастух,
Як адолець нягоду такую,
І пакрочыў-пайшоў
У нямую глушэчу лясную.
 
Доўга-доўга ішоў...
Вось і ноч. Толькі зоркі - залевай.
Абступілі яго,
Нібы волаты, грозныя дрэвы.
 
І ні голасу птушкі
Не чулася больш са змяркання,
Толькі лес,
Толькі лес
Ды нямое лясное маўчанне.
 
Раптам чорны віхор
Застагнаў, закружыўся навокал
І спыніў пастуха -
Ні назад,
Ні наперад ні кроку.
 
І пастух зразумеў:
Прывяла яго сцежка якраз
У Зялёнае Царства
Сівога Ляснога Цара.
 
Зразумеў:
Напаткала ў глушэчы
Яшчэ адно гора -
Апынуўся пастух
У глыбокай-глыбокай пячоры.
 
Зразумеў:
Тут крычы не крычы -
Хто пачуе у лесе?
Ён жалейку узняў -
Палілася чароўная песня.
 
Ён іграў:
Як над вёскаю
Сонца ўранку іскрыцца.
Ён іграў:
Як бруіцца
Пад стромай дзвінскою крыніца.
 
Сэрца ў песню укладваў,
Укладваў у песню душу...
Над пячорай пачуўся
Загадкавы посвіст і шум.
 
Азірнуўся пастух
І ўбачыў Зялёнае Дзіва.
У пячору ўвайшло яно -
Зіркнула злосна і крыва:
 
- Ты адкуль і навошта
Прыйшоў у Зялёнае Царства?
Хто трапляе сюды -
Таму больш да людзей не вяртацца.
 
Цар лясны не жадае,
Каб пра царства дазналіся людзі, -
Прыйдуць людзі -
Багаццяў
Ягоных ужо не прыбудзе.
 
І таму мяне, Дзіва,
Багацці паслаў вартаваць
І цікаўных людзей
У глыбокай пячоры хаваць...
 
І пастух расказаў,
Што ў працы уся яго радасць,
І пастух расказаў,
Як згубіўся надоечы статак.
 
Зноў жалейку узняў -
Палілася з пячоры па лесе
Прыгажосці дзівоснай
Зямная натхнёная песня.
 
Ў ёй было: як над вёскаю
Сонца уранку іскрыцца.
Ў ёй было: як бруіцца
Пад стромай дзвінскою крыніца.
 
Дзіва слухала песню,
У лад галавою ківала.
Як аціхла мелодыя,
Гэтак музыку сказала:
 
- Толькі чысты душою
Так узнёсла умее іграць.
Шлях табе я адкрыю
З пячоры Ляснога Цара.
 
Там вяскоўцам раскажаш,
Якія багацці у лесе.
Хай жа людзі спяваюць
Шчаслівыя, светлыя песні!
- Можа, разам пайсці нам? -
Пытае пастух асцярожна.
 
- Не, - адказвае Дзіва, -
Пайсці да людзей мне няможна.
 
Лёс такі мне прызначаны -
Калі людзям адкрыю я нетры,
Растану адразу
У водарным мяккім паветры.
 
І зраблюся адразу,
На гора,
А можа, на ўцеху,
Маладым,
Трапяткім,
Шматгалосым,
Шматколерным Рэхам.
 
Не магу больш нікому
Дарогу адсюль паказаць.
Я змагу толькі голасна
Голас зямны паўтараць.
 
І пастух адказаў:
- Мне багаццяў ніякіх не трэба.
Толькі б сонца убачыць,
І статак,
І сіняе неба.
 
Зноўку чорны віхор
Застагнаў,
Закружыўся навокал.
І падняўся пастух над зямлёю
Высока-высока.
 
Ажно вочы заплюшчыў.
А як прахапіўся -
Што стала! -
На зялёнай палянцы
Пад сонцам увесь яго статак.
 
І ад шчасця ў вачах
Засвяціўся вясёлы агонь.
І ад шчасця ён крыкнуў:
- Ого-го-го-го!..
 
- О дзіва! -
Усклікнуў пастух
І ніяк не згадае, -
Хтосьці голас яго
У глушэчы лясной паўтарае.
 
І пастух зразумеў:
Паўтарае Зялёнае Дзіва,
Каб на свеце жылі
Людзі светла,
Багата,
Шчасліва.
 
З той пары чалавек
Лес як лепшага сябра вітае.
Шматгалосае Дзіва
Ён Рэхам Лясным
Называе.

Іншыя творы: Валянцін Лукша