Зімовая ноч

Барыс Пастарнак

Сусвет ад замяці самглеў –
стаў ноччу белай.
Гарэла свечка на стале –
ўначы грэла.
 
Як матылькі, якіх агонь
улетку кліча,
сняжынкі мкнулі да акон
раеннем знічак.
 
Завея клеіла на шкле
кружкі і стрэлы.
Гарэла свечка на стале –
дваім гарэла.
 
На столь і сцены аганёк
адкідваў цені:
спляценне рук, спляценне ног –
жыцця спляценне.
 
І чаравічкі – стук ды стук –
спяшалі зняцца.
І талы воск слязьмі разлук
закапваў плацце.
 
І ўсё гублялася ў імгле –
сівой, сшарэлай.
Гарэла свечка на стале.
О, як гарэла!
 
З кута на свечку подых плыў –
і жар спакусны
ўздымаў у неба пару крыл,
апальваў вусны…
 
Сцюдзёны люты быў, але
ў пурзе сшалелай
гарэла свечка на стале –
штоноч гарэла!

Іншыя творы: Барыс Пастарнак