Васьмірадкоўі апошніх пацалункаў

Раіса Баравікова

* * *
 
Нават таленту не збярог,
а ўсё выхваляўся нечым...
Як след развітацца не змог,
бы знік у Сярэднявеччы.
 
Спакой старажытных цаглін.
Лісце ля іх, што піястры,
і ён там малюе махрыстыя астры,
што быць мне букетам калісьці маглі.
 
 
* * *
 
Калісьці мучыўся, сачыў...
У чаратах трымцела лодка.
Сінелі доўга касачы
дымкамі мая на ўзбалотках.
 
Хваліўся лепшаю з удач,
а дараваць драбніц не ўмееш,
дык для чаго тады касач
пяшчотна ўдалечы сінее?
 
 
* * *
 
Не быў ты ва Фларэнцыі няблізкай,
не вандраваў па тым шыкоўным месцы,
чаго ж мяне раўняеш з адаліскай
на старажытнай фларэнтыйскай фрэсцы.
 
Стагоддзі тояць розныя абліччы,
па іх блукаюць жабракі і франты,
і ты ўва мне не бачыш Беатрычэ
толькі таму, што сам, на жаль, не Дантэ.
 
 
* * *
 
Падобна, за акном падрос вішняк
ад тостаў за Еўропу і за Азію,
мы п'ём віно, здаецца нам - мальвазію,
і хочацца мне танчыць кракавяк.
 
Касцёл Мар'яцкі неба адамкне,
на ўзвышшы Вавель высветліцца ў бліках.
Бывай! - не ты, а «Яма Міхаліка»,
ідзі на ўсход і знойдзеш там мяне.
 
 
* * *
 
Жалейка, скрыпка і бубнач,
ад гукаў млосных звяла астра.
У каляндарыку пазнач:
дзень пасля Спаса. Старэ Място.
 
Яшчэ нічога не шкада
і нас не помніць брук памыты,
а ты руку сваю падаў,
бы разам век увесь пражыты.
 
 
* * *
 
Цябе шукаць між сытых скнар,
што ў пустазеллі клумбу цыній.
Адзін махляр, другі ліхвяр,
а трэці проста злосны цынік.
 
Пастаў іх у адзіны рад
і незайздросны ўбачыш шэраг,
які мундзір, такі й парад -
бязглузды, ваяўнічы, шэры!
 
 
* * *
 
О, як жа мы ўмелі пры добрай нагодзе
(бы кадр рамантычны ў любоўным кіно)
на ноч пераблытваць часы і стагоддзі,
у дзверы - няможна, ішоў праз акно...
 
І стрэлкі гадзіны лічылі няўзнак,
і дэтэктыў недачытаны падаў,
і муж за сцяною думаў - скразняк! -
хвілінны парыў лістапада.
 
 
* * *
 
Вы так спакусна падміргнулі,
што досыць - аніякіх спраў!
Гуллівы месяц свае гулі
ў аблоках лёгкіх распачаў.
 
Ужо займаецца дзянніца.
У крэсле змяты сарафан.
І як жа мне салодка сніцца
галавакружны ваш падман.
 
 
* * *
 
Руку падасць абы-абы...
Я ж адзначаю падсвядома:
яму так хочацца пабыць,
на мове свецкай, сябрам дома.
 
Няцяжка зразумець яго -
нядаўняга ўлюбёнца Ліры,
што не ўсвядоміць аднаго:
мяняюцца не людзі, а куміры.
 
 
* * *
 
У дымцы ранняга змяркання
збягае сцежка крута ўніз...
Ты ўзвёў спатканні да кахання,
а гэта проста мой капрыз.
 
З крыштальным туфлікам не ходзяць,
дзе заглынула ўсё дрыгва,
дзе замест мроіва - куродым,
гадзючнік з жабчыным «ква-ква».
 
 
* * *
 
Каб не ўкруціцца ў нейкі зман,
і ад сурокаў, і ад звягаў
далёкіх інкаў талісман
купіла для сябе ў Чыкага.
 
Цвіце ў ярах трава-дурман,
світанне ўспуджваюць вароны.
Самотна як! І талісман
той ад нічога не бароніць.
 
 
* * *
 
Калішні танец падэграс.
Мы для яго як манекены.
Не тое ўбранне, не той час,
і, зразумела, нашы сцены.
 
На падаконніку - альяс.
Ёсць у пакоі нехта лішні.
Гучаў так доўга падэграс,
што й ты міжволі стаў... калішнім!
 
 
* * *
 
Так радасна, лёгка ніколі
не падала грыўка на лоб,
мы нейкія дзіўныя ролі
ігралі паўлета ўзахлёб.
 
З наіўнасці ўскружанай нашай
смяяліся ўночы гудкі.
Расстаўлены крэслы... І шашаль...
І бляклай афішкі шматкі.
 
 
* * *
 
Пад адхонам фіялкі цвілі
і глыбелі стрыжыныя норы,
мы не згледзелі нават, калі
на цягнік пераскочылі скоры.
 
І знікалі за ўзмахам рукі
тыя лёгкасць і пал дыхання,
пакідаючы нам радкі
аповесцямі пра каханне.
 
 
* * *
 
Тут водар укропнай грады
і шпак малады на штыхеце,
і флёксы цвітуць, як тады,
а след твой згубіўся ў тым леце...
 
Не помню ні слоў, ні сказаў
з той - на ўсю ноч - сустрэчы,
але больш аніводнага разу
не клялася я ў нечым вечным.
 
 
* * *
 
Гэты пакойчык анёл нам распіша
фарбамі нейкага яснага дня...
Ты чуеш, якая нябесная ціша,
якая, нязнаная людству, плыве цішыня.
 
І мы забываем пра тлум і знямогу
ў палоне дасюль невядомага нам пачуцця,
нібы дзесь высока расказваем Богу
урыўкі з яшчэ недапісанай кнігі Быцця.
 
 
* * *
 
Не крычы, не буркай, ты не леў,
рукі пакладу табе на плечы,
будзе заўтра справа наша блеф,
а цяпер, як кажуць, шчэ не вечар.
 
З маладосцю ўжо не сваякі,
толькі водсвет ловіш мой дзявочы,
ды шукае на падушцы ўночы
мой румянец жар тваёй шчакі.
 
 
* * *
 
Не ведаю, чый ты каханак,
і чуць не хачу пра гэта,
бо ўжо здагадаўся ранак,
што я цябе выкрала з лета.
 
Вось толькі ты сам чамусьці
ніяк здагадацца не хочаш,
чаму перасмяглі вусны
і шчасліва смяюцца вочы.
 
 
* * *
 
Жаданае хуценька ляжа ў рэестры,
дзе хлеб і да хлеба і мноства выгод,
вясёлыя песні, і тосты, і фэсты
закручаны у нейкі дурны карагод.
 
Над вуллямі пчолы заўзята раяцца.
Расквечана поле, бо лета якраз.
І гэткія ж сны маляўнічыя сняцца,
а лепшыя кветкі цвітуць не для нас.
 
 
* * *
 
Важкіх апраўдванняў рой,
званкі тэлефонныя ўпотай...
Я ўсё разумею, толькі не строй
хоць зараз з сябе ідыёта.
 
Пчолы гудуць кішма,
радыя летняму раю...
Я і сама не тваё імя
ў снах сваіх паўтараю.
 
 
* * *
 
У жмінды не возьмеш і змылка,
а ў шчодрага - дзіркі ва ўсім.
Пагодзімся, выйшла памылка,
у часе не нашым стаім.
Ды кліча нас вулкі развілка
у вечнае лета без зім...
 
І помняцца мне тыя пахкія флёксы
на вуліцы Фоксаль, на вуліцы Фоксаль.
 
 
* * *
 
Пяшчоты не шкадуеш на падпітку.
Язмін цвіце. Дурман і слоў, і паху.
І яр п'янкі, казыча былка лытку.
Якое свята нам наладзіў Бахус!
 
А раніцай бы вывеў нас з турмы.
Затушаваў паўсюль вясёлы колер.
Нібы яму вядома ўжо, што мы
сюды не завітаем больш ніколі.
 
 
* * *
 
Наўкол даволі пекнаты,
патроху сцішваю жаданні.
Трапечуць свечкі ўсе ў чаканні,
і вось нарэшце радасць - ты!
 
А воск сцякае на абрус,
і пацяжэлі раптам плечы.
Мне даспадобы, што ты хлус:
Так... Лазня... У калядны вечар.
 
 
* * *
 
Не ведаю я, кім ты спапялёны,
якая крыўда выпекла да дна.
Жанчыны бы нямірныя плямёны,
калі між іх не знойдзена адна.
 
І я таксама, ведаю, не тая,
што зможа свет перавярнуць наноў,
ды не было ў мяне такога мая...
Даруй. Пакуль. Вяртаюся дамоў.
 
 
* * *
 
Аздобваем натхнёна сцены,
страсаючы гадоў дурман.
О, мы героі дзіўнай сцэны,
ўся дэкарацыя - падман.
 
Але яе не разбураю,
бо толькі дробязь розніць нас:
я ўсё трагедыю іграю,
а ты - забаўны нейкі фарс.
 
 
* * *
 
З травы падміргваюць анюткі,
штось блытана даводзіш мне.
Ах, Божа мой, лісток танюткі,
бы шлеечка ад камбінэ.
 
Так, засяроджвацца не варта,
ці ж мала для размовы тэм,
а шлеечка-лісток упарта
заве ў анюткавы эдэм.
 
 
* * *
 
На выхадзе пагаварылі крышку...
Прыбраны стол. Адбалявалі. Годзе.
Стаяць, бы й не краналі іх, кілішкі,
на шчасце не разбіўся з іх ніводзін.
 
Хітрынкамі згасае свята ў зрэнках,
паціху саступае месца жалю,
але як ззяе ўся мая сукенка,
ёй дастаткова, што была на балю.
 
 
* * *
 
Зноў апынуліся на скразняку.
Пахне лускою і глеем.
Як трапятліва цалуе руку,
быццам у вусны не ўмее.
 
Чымсьці нагадвае мосцік стары
падлогу ў зацемненай келлі,
і халадок тут, бы ў манастыры,
а шчокі чамусь заірдзелі.
 
 
* * *
 
Усё за нас: двары, кусты
і нават шэпт цікаўны нечы...
Цяпер я ведаю, што ты
ў мінулым многае адпрэчыў.
 
А доказ: позіркі твае
у бок эстраднае Венеры,
што так разгублена ў фае
цярэбіць беленькі каўнерык.
 
 
* * *
 
...І гэта глупства. Што далей?
За шыбкаю ліхтар замерзлы.
Ты расціраеш свой алей,
іграе ў тонкіх пальцах пэндзлік.
 
Я не прыеду больш сюды.
Хай набірае сэнс свой драма
пад назвай дзіўнай: «Тры гады
і ноч яшчэ адна ў Адама».
 
 
* * *
 
А-у... А-у!.. Палац гатычны.
Лёг зайчык сонечны да ног.
Агеньчык бліснуў эратычны
у вашым позірку, дальбог!
 
Скідае пёрка голуб нам.
Любуемся разьбой калоны.
Вы штось гаворыце, а там...
бы пазяхаюць купідоны.
 
 
* * *
 
Яшчэ адной зіме канец.
Шукаюць вераб'і праталін.
Куды ж вы дзеліся, ілжэц,
нібы ў авацыях расталі.
 
Працёрты плюш стары да дзір.
Партэр здаля глядзіцца пляцам.
Я бараніла ваш мундзір,
а вы схацелі быць паяцам.
 
 
* * *
 
Ну вось і скончана яна -
вясёлых клічнікаў паэма.
Любоўнай паузы - сцяна.
Ліхтар бы зорка Віфлеема.
 
«Не спакушай мяне, не зводзь...» -
гучыць, гучыць твой голас родны.
Чаму ж? Так вырашыў Гасподзь,
а шлях у Бога ўсякі годны.
 
 
* * *
 
Я іх не ведаю, дальбог,
саперніц... Абмінула гэта.
Пылок унепрыкметку лёг,
а я любуюся паркетам.
 
Прасую, строю да Каляд
сурвэтак лёгенькіх бярэма.
Так звыкла ўсё, толькі пагляд
цяжкі, бы ў старшае з гарэма.
 
 
* * *
 
Два гады не было лістоў
ад яго, ані чуткі, ні следу,
а пасля адазваўся ізноў:
«Сустракай. На тым тыдні прыеду».
 
Уяўляла, увойдзе з дарогі
ён з бярэмам бэзавых гронак,
а на ім быў гарнітур строгі
і на пальцы блішчэў заручальны пярсцёнак.
 
 
* * *
 
Не тыя сцены, не тыя шпалеры...
Душою і сэрцам даўно ўжо азяб.
Жывеш, бы прыкуты да лёгкай галеры, -
не вораг, не сябар, а так сабе... раб.
 
Ды я з наравістасцю ўпартай дзікункі,
што дзесьці на скалах далёкіх пяе,
сню доўга штоночы твае пацалункі,
і ў гэтым прызнацца мне слоў не стае.
 
 
* * *
 
Піць каву. Варажыць на гушчы.
Стракатых згадваць матылёў,
што і дасюль дзесь у Шлях-Пушчы
ўсё ловяць рэха нашых слоў.
 
І не здаралася нічога.
Мы нават не былі на «ты».
Быў лес густы. Была дарога.
І на руцэ тваёй матыль.
 
 
* * *
 
Жадання тайнага здабытак
зялёны плюшч, класічны Грыг...
І разам з тым сядзім, нібыта
ў непажаданы нейкі міг.
 
І гук да гуку - не суладна,
між гэтых сцен няўтульна Вам.
Я разумею ўсё дакладна:
«Шэршэ ля фам, шэршэ ля фам».
 
 
* * *
 
Пакуль... Пакуль... Шампанскае ў кілішку.
За нас яго ніхто ўжо не дап'е.
Яшчэ гартаю прыпамінаў кніжку
і ў нейкі момант загарну яе.
 
Цяпер ужо і гэта мне пад сілу.
Любоўны міф - прынада для дваіх,
а тое ўсё, што ў сэрцы я насіла,
перачытаю ў позірках тваіх.
 
 
* * *
 
Быццам лета на ложак прысела -
і спякота, і водар, і млосць.
Я ніколі дагэтуль не ўмела
з дзён мінулых вяртаць маладосць.
 
Пераблытаны словы і рэчы,
і трапечуць пялёсткі прасцін,
бы абсыпала рукі і плечы
гранне промняў з-за лёгкіх гардзін.
 
 
* * *
 
Не лічым тыдняў. Нервы рвем.
Я ўся - калючая шыпшына.
А потым... Момант - ты... Машына...
І дзесьці ўжо за Чэрвенем.
 
І я яшчэ ў такой красе!
З зімы лячу ў адным напрамку,
дзе ты мне першую фіялку,
жывую, з лесу прынясеш.
 
 
* * *
 
Хто і як і прад кім награшыў,
не развяжа ніякае веча.
Засынаеш - так многа душы,
а прачнешся і ўздрыгнеш - пустэча!
 
І пранізвае дом - пустата.
Штосьці злое абкручвае гадам.
За акенцамі - стынь і слата,
і за спінаю - звялая радасць...

Іншыя творы: Раіса Баравікова