Само

Ніна Мацяш

Ці надзеі непраўдзівыя,
Ці дарожанькі не тыя,
Ці сама я нерадзівая, -
Адвярнуліся святыя!
 
Ці не так, як трэба, клікала,
Ці не там я іх шукала?
Ветру скрыпачка пілікае,
Каб галоўку не ламала.
 
Крач не крач самотнай вуціцай
Ці гадай на каве ў місе,
А ўсё суджанае збудзецца -
І само,
            хоць задавіся!

Іншыя творы: Ніна Мацяш