Родная мова, цудоўная мова!..

Уладзімір Дубоўка

Родная мова, цудоўная мова!
Ты нашых думак уток і аснова!
 
Матчын дарунак ад самай калыскі,
ты самацветаў яскравая нізка.
 
Кожны з іх барвы дзівосныя мае,
вечным агнём зіхаціць - не згарае.
 
Ты мне заўсёды была дапамогай,
дзе б і якой ні хадзіў я дарогай.
 
Чую ў табе перазвоны крыніцы,
чую ў табе і раскат навальніцы,
 
чую павевы зялёнага бору,
водгулле працы у родным прасторы.
 
Кожнай драбнічкай ты варта пашаны,
кожнае слова вякамі стварана.
 
І на вякі яно жыць застаецца,
вечнае так, як народнае сэрца.
 
1966

Іншыя творы: Уладзімір Дубоўка