Цудоўная знаходка

Уладзімір Дубоўка

Не далёка і не блізка,
не высока і не нізка
 
адбылася дзея гэта
у пачатку самым лета.
 
Летні дзень такі прыгожы!
Хто у хаце ўседзець можа?
 
Дзеці ўсе на панадворку.
Іх вясёлыя гаворкі,
 
смех і песні чутны вокал,
узлятаюць пад аблокі.
 
Паспявалі, падурэлі,
пагулялі, пасядзелі.
 
Але ў вёсцы ўсё знаёма.
- Пойдзем, хлопцы,
лепш на Кромань! -
 
Кромань - возера лясное.
А прыгожае якое!
 
Я спрачацца не бяруся, -
шмат азёр на Беларусі,
 
але лепшае, чым Кромань,
мне, па праўдзе, невядома...
 
Як сказалі, так зрабілі,
узняліся, як на крыллі,
 
і пайшлі лясной дарожкай
іх няўрымслівыя ножкі.
 
Бор пачуў знаёмы гоман.
У бары яны як дома.
 
Ідучы, спаткалі зайца,
пачалі за зайцам гнацца.
 
Ды здагнаць яго не вельмі:
ён уцёк адразу ў ельнік.
 
Мільганула і вавёрка.
Ушчыналі з ёй гаворку:
 
і прасілі, і гукалі,
і махалі ёй рукамі, -
 
а яна сядзіць на месцы
і нібы з хлапцоў смяецца.
 
Дзяцел толькі глянуў скоса,
адляцеў за пару сосен
 
і пачаў «тук-тук» нанова.
Вось і ўся яго размова!
 
Так да возера і выйшлі.
А на возеры - зацішна.
 
Распранаючыся з ходу,
хлопцы ўсе палезлі ў воду.
 
Паляцелі ў неба пырскі
ў залатым праменні бліскаць.
 
Хлопцы ўсе наперагонкі,
хто «вінтом», хто «на сажонкі».
 
Хто на дно нырцуе змаху,
роўна з рыбкамі без страху.
 
А вада як шкло прызрыста,
ў ёй пабачыш ты ўсё чыста:
 
ў ёй каменьчык нават кожны
ў глыбіні разгледзець можна.
 
Хлопец там адзін угледзеў
ключык з золата ці з медзі,
 
што ляжаў на дне азёрным
больш да зорачкі падобны.
 
Зноў нырнуў ён. Пад вадою
ухапіў той ключ рукою,
 
а пасля, узняўшы ўгору,
да сяброў сваіх гаворыць:
 
- Хлопцы, хлопцы! Ключык маю!
Гляньце, пекната якая! -
 
Ключык зіхаціць на сонцы.
Падплылі адразу хлопцы:
 
- Ды такога век не ўбачыш,
старажытны ён, няйначай!
 
Дзве бародкі ў ім з насечкай,
зверху - постаць чалавечка.
 
Сапраўды, ключоў нямала,
а такога не бывала! -
 
Іх кароткая размова
прывяла да думкі новай:
 
«Ключык мы ў руках трымаем,
а замка пакуль не маем!
 
Пашукаць яшчэ нам варта!»
Заняліся ўсе упарта
 
новым пошукам яны там
на пясочку перамытым.
 
У вадзіцы кожны камень
перамацалі рукамі.
 
Ментузы усе і ракі
паўцякалі, небаракі,
 
і дзівіліся страшэнна:
«Гэта ловяць нас, напэўна!»
 
Тут адзін і крыкнуў хлопец:
- Вам шукаць, браточкі, хопіць!
 
Што знайшоў, і сам не знаю!
Можа, скрынка там якая,
 
можа, неякі куфэрак, -
даставаць нам трэба неяк! -
 
Паглядзелі зверху - праўда!
Век яго не адшукаў бы,
 
бо на ім пясок намыты,
ён пяском увесь закрыты,
 
толькі бок адзін куфэрка
серабрыцца, як люстэрка.
 
На куфэрку - ручка з медзі,
зверху ручку ўбачыш ледзьве.
 
Хоць вялікая удача,
не малая і задача:
 
як дастаць адтуль куфэрак,
выцягнуць яго на бераг?
 
Ды зрабілі хлопцы з толкам,
абышліся без вяроўкі:
 
паяскі свае сабралі,
у адзін усе звязалі,
 
а пасля ўсё тыя ж ручкі
да куфэрачнае ручкі
 
спрытна пояс прычапілі,
ўсё зрабілі, што ў іх сіле.
 
Пачалі цягнуць памалу,
паяскі каб не парвала.
 
Заспяваў адзін уголас,
каб дужэй цягнулі пояс:
 
«Раз - два,
яшчэ раз!
Хопіць сілы,
хлопцы, ў нас!
Раз - два,
яшчэ раз!
Не парвіся,
віты пас!»
 
А куфэрак па пясочку
ўсё ідзе за паясочкам.
 
І прыйшоў на самы бераг,
дзе хлапцы стаялі ў шэраг.
 
Тут яго памылі чыста,
селі з ім пад дуб вячысты.
 
Падалася добра справа!
Што ў куфэрку, вось цікава!
 
Можа, шапка-невідзімка?
Самабойная дубінка?
 
Ці настольнік самабраны?
Ці кілім самалятальны?
 
Хто зрабіў куфэрак гэты
і чаму схаваў ад свету?
 
Можа, ехаў хто на чоўне,
перакінуўся раптоўна,
 
сам і выплыў, можа, неяк,
а на дно пайшоў куфэрак?
 
Лепш сваім пабачыць вокам,
што ляжала так глыбока.
 
Хлопец быў адзін старэйшы,
і дужэйшы, і смялейшы.
 
Ключ уставіў у замок ён.
Хлопцы ўсе наўкол замоўклі.
 
Павярнуў ключом ён двойчы.
Аж гараць у хлопцаў вочы.
 
Века ён падняў рукою,
а пад ім адной сям'ёю
 
сабраліся, як на тое,
казачныя ўсе героі:
 
з нашых казак, з нашых баек,
падлічыць усіх няма як.
 
Барсукі тут і вавёркі
з вожыкам вядуць гаворкі.
 
Тут і зайцы, і лісіцы,
Усё, што толькі ў сне прысніцца.
 
Вось у гэтай самай хвілі
хлопцы ўсе загаманілі:
 
- На ключы дзядок знаёмы!
Гэта Бай усім вядомы!
 
Скарбам ён сваім паможа
казак шмат стварыць прыгожых.
 
Будуць весці зноў гаворкі
і лісіцы, і вавёркі.
 
Заспяваюць птушкі хорам,
пойдуць хвалі праз азёры.
 
Навядзе парадкі вожык
на дарожках, ля дарожак.
 
З барабанам пойдуць зайцы,
каб смялей з ваўком змагацца.
 
Ўсе быліцы-небыліцы
прынясе да нас лісіца...
 
Гэта дасць праз час кароткі
ім цудоўная знаходка.

Іншыя творы: Уладзімір Дубоўка