Мора

Цётка

Не такое цяпер мора,
На такі у хвалях шум:
Цяпер бурна, страшна мора!
Хваля поўна дзікіх дум.
 
Мора вуглем цяпер стала,
Мора з дна цяпер гарыць,
Мора скалы пазрывала,
Мора хоча горы змыць.
 
Мора злуе, крэпнуць хвілі,
З дзікім шумам бераг рвуць;
Гром грыміць за вёрсты-мілі,
З мора брызгі ў неба б'юць.
 
Месцам хваля стогнам рыкне,
Месцам плач сарвецца з губ,
Месцам бераг болем ікне,
Гром грыміць у тысяч труб.
 
Мора зброіцца палкамі,
Шум русалак разбудзіў,
Запаліўся смок агнямі,
Неба чорны гнеў пакрыў.
 
Бог сярчае: злая бура
Псуе вельмі святы сон.
Б'ецца, рвецца ўся натура,
Аж дрыжыць нябесны трон.
 
Трон дрыжыць, не спяць прарокі,
Бог склікае святы сход;
А там радзяць, што аблокі
Мусяць штурм пусціць у ход.
 
Бой пачаўся. Войска бога
Залпам паліць ў горды хвіль...
Мільён згіне, — нова змога
Расце крэпка праз сто міль.
 
Растуць сілы мора злога,
У размаху відзен гарт;
Не адступяць войскі бога...
Бой пачаўся не на жарт.
 
Такі бой вякамі жджэцца,
Такі бой гігантаў дасць,
Ў такім баю толькі грэцца,
Ў такім баю толькі пасць.

Іншыя творы: Цётка