Жаданне

Валеры Маракоў

Адыходзь, трывога, забірай з сабой
Плач і крыўду хлопца з чулаю душой!
 
Ты адна сягоння мне свая між ніў,
Быццам я згараю ў песенным агні.
 
Быццам я далёка, ў вочы б'е туман
І нічога светлага больш ў жыцці няма.
 
Ах, мой край каханы, залаты мой край,
Не хачу так рана ў песнях дагараць!
 
Я йшчэ жыў так мала і так мала пеў,
Ну дык дайце ж, братцы, мне пажыць цяпер.
 
Дайце на прыволлі сэрца з сінню зліць,
Каб з другімі марыць і другіх любіць!
 
1927

Іншыя творы: Валеры Маракоў