Сон у лагчыне

Арцюр Рэмбо

У засені кустоў раўчук шчабеча,
шукаючы спакойнага жытла.
Над ім трымцяць уранку і пад вечар
струмені белапеннага святла.
 
Салдат-юнак, астрыжаны, без каскі,
у крапіве, калючай і сухой,
на дне лагчыны спіць, і, поўны ласкі,
ягоны твар ахутаны смугой.
 
З усмешкай хваравітай - воін, быццам
дзіця, што аніяк ад сну пазбыцца
не можа і калее на жарстве...
 
Не ўздрыгнуць ад лагоды нават вейкі
і сведчаць, што заснуў юнак навекі,
крывавыя дзве раны ў галаве.

Іншыя творы: Арцюр Рэмбо