«Настане ранак, дзень міне...»

Аляксей Русецкі

Настане ранак, дзень міне,
павісне ночы змрок навокал,
а ўсё здаецца, на мяне
з нябёс глядзіць шкляное вока.
 
І не схавацца ад яго
ні ў доме, ні ў яры, ні ў пушчы;
пры ім тайфун, пры ім агонь
зямное спапяліць і струшчыць.
 
Трывогай поўніцца душа
ад позірку ліхога лёсу,
і толькі можа суцяшаць
мяне агеньчык веры ў розум.
 
1982

Іншыя творы: Аляксей Русецкі