Распляскалася ў прасторы сонца

Юрка Лявонны

Распляскалася
Ў прасторы сонца.
Зелянее стромкая трава.
Ад жыцця не стану я ў старонцы,
Буду ранне шчыра вартаваць.
 
Будуць песні раўчакамі ліцца -
І не сядзе на суку тым жаль.
Не пахіліць лозаў вецер ніцы,
Не загіне ў просіні мяжа.
 
Заглядзіцца месяц сівагрывы,
Дол пакрые тонкім серабром.
Пройдзе ноч няскончаным урыўкам,
Каб схавацца ўранні за гарой.
 
У прасторы -
Ураган сваволіць.
Льецца з клёнаў жоўтае лісцё.
Прывітаю я жыццё і словы,
Як вітае родны брат сясцёр!..
 
1927
 
 
Каментары
 
Паводле выд.: Лявонны Ю. Выбранае. Мінск, 1960.

Іншыя творы: Юрка Лявонны