Эратаграфія для нявінных

Леанід Галубовіч

...Я з губ тваіх любові п'ю атруту -
І цноты шаўкавістая мяжа
Паволі тлее, нібы губка труту,
Пакуль душы даможацца душа...
 
Цячэ спакусны мёд гаркавай плоці
Скрозь соты ацяжэлыя грудзей,
І цела твае ў кожным павароце,
Як цеціва нацятая гудзе...
 
Душа перакладае шэпт шалёны
Душы - і намагаюцца наноў
Высокіх рук заплеценыя кроны
Высмоктваць сок з глыбокіх каранёў.

Іншыя творы: Леанід Галубовіч