«Паўднёвай ноччу ў стозе сена...»

Апанас Фет

Паўднёвай ноччу ў стозе сена
Да неба тварам я ляжаў,
І зорны хор, жывы, праменны,
Бязмежна нада мной дрыжаў.
 
Зямля, як цьмяны сон, нямая,
Прэч ад мяне плыла наўзбоч,
І, як насельнік першы раю,
Адзін — я ў твар убачыў ноч.
 
Ці я — у зорнае бяздонне,
Ці зорак рой імчаўся ўніз?
Нібыта ў велічнай далоні,
Я над бяздоннем тым павіс...
 
І з заміраннем і ўзрушэннем
Мой зрок глыбіні вымяраў,
Куды ўжо я не на імгненне,
А беззваротна патанаў.
 
1857

Іншыя творы: Апанас Фет