Калыханка

Андрэй Ушакоў

Добрым часам, ціхай ночкай,
Лёгкі сон, зляці на вочкі,
Баю, баю, баю, бай,
Сні спакойна, засынай.
 
Каб ты цяжкіх сноў не знала,
Бесклапотна засынала,
Табе песеньку сняю
Я пра долюшку тваю.
 
У цяжкай зморы на пастаці
Нарадзіла цябе маці,
Шостай ты ў сям'і была
I без догляду расла.
 
Табе маці не спявала,
А зязюля кукавала,
Буйны дожджычак купаў,
Золкі вецер калыхаў.
 
А цяпер, маё малое,
Больш не ўбачыш гора злое.
Ясным ранкам вераснёвым
Зажылі жыццём мы новым.
 
Ты расці, ты цвіці,
Будзь шчаслівай у жыцці.

Іншыя творы: Андрэй Ушакоў