Што такое добра і што такое дрэнна?

Уладзімір Маякоўскі

Сын малы
Спытаўся ў бацькі:
- Знаць хачу я пэўна:
Што такое
            добра
І што такое
             дрэнна?
Я падслухаў
               і для вас,
Малышы, малышкі,
Бацькі гэтага
                адказ
Запісаў
       у кніжку.
 
- Калі дождж ідзе
                       і скрозь
Гразка,
      непрыемна,
Кожны знае -
                  гэта вось
Для прагулак
                 дрэнна.
Дождж пакапаў
                     і прайшоў.
Сонца
     ў цэлым свеце.
Гэта -
     добра, малышок,
І старым
         і дзецям.
 
Калі
         часам
             сын ахвочы
Да гразі і сажы,
Гэта вельмі
              дрэнны хлопчык -
Кожны вам так скажа.
Калі ж
     хлопчык
                     любіць мыла,
Не лянуецца ўставаць,
Гэты хлопчык
                  вельмі мілы,
Можна прыклад з яго браць.
 
Калі б'е
       благі хлапчук
Слабага, малога,
Я і ў кніжку
              не хачу
Устаўляць
            такога!
Гэты кажа:
             - Не чапай
Тых,
         хто меншы ростам! -
Гэты хлопчык,
                   так і знай,
Малайчына проста!
 
Калі хлопчык,
                  як дзівак,
Кніжкі рве
            і топча,
Усе дзеці кажуць так:
Кепскаваты хлопчык.
Калі любіць працаваць,
Да навук
         ахвочы, -
Дык тут кожнаму
                        відаць:
Гэта добры хлопчык.
 
Гэты хлопчык
                   ад варон
Уцякае з плачам.
Баязлівец
          проста ён,
Як заяц,
        няйначай.
Гэты,
    хоць з вяршок хлапец,
Птушак
       не баіцца.
Ён адважны,
                маладзец,
Ёсць чым пахваліцца.
 
Гэты ў бруд палез
                         і рады,
Што ў гразі кашуля.
Пра такога
            мамы, таты
Кажуць:
        - Ён мурзуля.
Гэты
   чысціць паліто,
Мые сам
         галёшы.
Хоць малы ён,
                   ды нішто, -
Ўсё рабіць сам можа.
 
Помні
     гэта кожны сын,
Кожны знай
               дзіцёнак:
З сына вырастае
                      свін,
Калі сын -
            свінёнак.
 
Хлопчык вельмі
                      рады быў
І рашыў сумленна:
«Буду
    добра
                я рабіць
І не буду
         дрэнна».
 
1925

Іншыя творы: Уладзімір Маякоўскі