«Радзіма мая дарагая...»

Алесь Бачыла

Радзіма мая дарагая,
Ты ў шчасці жаданым жыві!
Я сэрцам табе прысягаю
Ў шчырай сыноўняй любві!
 
На рэках шырокіх і нівах,
Заводах, будоўлях – наўсцяж
Народ наш працуе руплівы
І край ўзвышаецца наш.
 
Навокал жыццё расцвітае –
І песня ўзлятае сама:
Мне лепей ад роднага краю
Нічога на свеце няма.
 
Чужое зямлі нам не трэба,
Пачуцці ў нас сёння адны:
Мы хочам, каб мірнае неба
Не знала пажару вайны.
 
Мы дружбы народам жадаем
І шчырай братэрскай любві.
Радзіма мая дарагая,
Красуйся і ў шчасці жыві!

Іншыя творы: Алесь Бачыла