«Марыська чарнабрэва, галубка мая...»

Кастусь Каліноўскі

Марыська чарнабрэва, галубка мая,
Гдзе ж ся падзела шчасце і ясна доля твая?
Усё прайшло,- прайшло, як бы не бывала,
Адна страшэнна горыч у грудзях застала.
 
Калі за нашу праўду Бог нас стаў караці
Ды ў прадвечнага саду вялеў прападаці,
То мы прападзем марна, но праўды не кінем,
Хутчэй Неба і шчасце, як праўду, абмінем.
 
Не наракай, Марыся, на сваю бяздолю,
Но прыймі цяжкую кару Прадвечнага волю,
А калі мяне ўспомніш, шчыра памаліся,
То я з таго свету табе адазвуся.
 
Бывай здаровы, мужыцкі народзе,
Жыві ў шчасці, жыві ў свабодзе.
І часам спамяні пра Яську твайго,
Што згінуў за праўду для дабра твайго.
 
А калі слова пяройдзе у дзела,
Тагды за праўду станавіся смела,
Бо адно з праўдай у грамадзе згодна
Дажджэш, Народзе, старасці свабодна.

Іншыя творы: Кастусь Каліноўскі