«Ты, мой брат, каго зваць Беларусам...»

Алесь Гарун

У чатырохлецце
«Н[аша]е нівы»



 
Ты, мой брат, каго зваць Беларусам,
Роднай мовы сваёй не цурайся;
Як не зрокся яе пад прымусам,
Так і вольны цяпер не зракайся.
 
Ад дзядоў і ад прадзедаў, браце,
Гэты скарб нам адзін захаваўся,
У сялянскай аграбленай хаце
Толькі ён незабраны астаўся.
 
Ў старыну Беларус, не падданы,
Гаспадарыў, быў сам над сабою
I далёка у свеце быў знаны
За літоўскай і ляшскай зямлёю.
 
Але час прамінуў, і нядоля
На народ, як бы камень, звалілась,
Беларуская слава і воля
Адышла, адцвіла, закацілась.
 
Не змяняючы шэрай апраткі,
Працаваў ты, як вол, гаратліва,
А у хаце тваёй недастаткі,
А на ніве тваёй неўрадліва.
 
А чаму? Ты не здольны, ці хворы,
Ці благі гаспадар, ці п'яніца?
Мусіць, не! Бо і іншым у пору
У цябе гаспадарыць наўчыцца.
 
Светлы розум твой, брат, але дзетак
Ад цябе, як і ўсё, адбіралі
I на бацькаўскі родны палетак
Працаваць-памагаць не пушчалі.
 
Хто хацеў, той і смеў рабаваці,
Без прыпросу з'язджаліся госці —
Абдзіраць, аб'ядаць, апіваці
I крышыць гаспадарскія косці.
 
Можа б, ты і памёр і загінуў,
Каб не вешчая мова Баяна.
Хто ж быў добры, яе хоць пакінуў?
Як жа так, што яшчэ не забрана?
 
Бо што бачылі госцікі-герцы!* —
I зямлю, і лясы, і кілімы, —
Ўсё забралі. А мову у сэрцы,
Ў сваім сэрцы хавалі-няслі мы.
 
Дык шануй, Беларус, сваю мову —
Гэта скарб нам на вечныя годы;
За пашану радзімаму слову
Ушануюць нас брацця-народы!
 
 
* Герцы - махляры, марнатраўцы.

Іншыя творы: Алесь Гарун