Вясновае

Язэп Пушча

Марац,
Думак схіліўшы галлё,
Марыць
Аб мурожнай мяжы.
Сонца чырвоны галоп
Золатам далі імжыць.
 
Раніца
Ў полі рыкае
У зялёную сінь.
Раніць
Грудзі рака ёй.
Вісне вясны каласнік.
 
Вецер
Пад гаем
Песняю поўдзень аўсяніць.
Сяляне ў сутулых павецях
На вышкі ўсцягваюць сані.
 
Хлявы раскідаюць каровы,
Абмякініўшы пысы ў мякіну.
Уцяку я сягоння ў дуброву,
Гаратлівую хату пакіну.
 
Ў карагодзе з дзяўчатамі стану
І буду вясну заклікаць.
Хай вечар, абвязаны белым туманам,
Абніме мяне і кудлатую раць.
 
[1924]

Іншыя творы: Язэп Пушча