Зямны Акіян

Гіём Апалінэр

Дж. дэ Кірыко



 
Я дом збудаваў пасярод Акіяна;
Вокны яго — гэта рэкі —
        струменяць з маіх вачэй.
Кішаць асьміногі ля сцен мураваных,
Грукаюць сэрцам патройным,
        грукаюць дзюбай у шыбы.
 
        Вільготны дом!
        Мой дом палае.
        А час, як гром:
        Ляціць,
        спявае.
 
Самалёты гатовы падкінуць яйка.
Увага! Зараз прычаліць дрэдноўт.
Увага! Ракою цячэ чарніла.
Спусціцеся з завоблачных вяршынь —
Так будзе лепш!
Бружмель свае шчупальцы звешвае з неба —
I на зямлі асьміногі дрыжаць.
Мы самі становімся ўласнымі магільшчыкамі.
О, асьміногі сярод белых хваль, як крэйда.
О, асьміногі з дзюбамі збялелымі!
        Навокал дома Акіян Зямны і гул прыбою,
        Не ведае дом ніколі спакою.

Іншыя творы: Гіём Апалінэр