Неруш

Рыгор Барадулін

Неруш ранішні –
      роднае слова,
Мне шукаць цябе,
      покуль гляджу,
Пад зялёным крылом верасовак,
Пад крысом
      і спякоты й дажджу.
Слова,
      што як нарог для ратая,
Як для ластаўкі –
      стромы вільчак,
 
Ад якога на небе світае,
Ад якога яснее ў вачах…
А пашчасціць – натрапіцца неруш, –
Зазвіняць недзе промні наўзбоч.
Неруш свой
      панясу я аберуч,
Як слязіну з матуліных воч.
 
Ад абразы,
      ад позірку злога,
Шлях заблытаўшы для наслання,
Неруш ранішні –
      матчына слова,
Мне, як бору,
      цябе засланяць!

Іншыя творы: Рыгор Барадулін