Муха-Цакатуха

Карней Чукоўскі

Муха, Муха-Цакатуха,
Залацістая пяюха!
 
Муха сцежкаю ішла,
Муха грошыкі знайшла.
 
На кірмаш - глядзець тавар,
Там купіла самавар:
 
«Запрашаю, прусачкі,
На гарбату й піражкі!»
 
Прусачкі спяшаліся,
Гарбаткі напіваліся,
 
А кузуркі -
Па тры кубкі
З абаранкам,
З малачком:
Сёння Муха-Цакатуха
Імянінніца!
 
Потым блошкі прыскакалі
Боцікі прэзентавалі.
Боты незвычайныя,
Спражкі дужа файныя.
 
Завітала ў госці
Панначка-пчала
Сотавага мёду
Мушачцы дала...
 
«Ах, краса-мятлушачка,
Ешце булку з макам.
Ці не да спадобы вам
Нашыя прысмакі?»
 
Раптам нейкі сівачок-павучок
Муху - цап! -
І пацягнуў у куток
Хоча бедную забіць,
Цакатуху загубіць!
 
«Дарагія госці, памажыце!
Злодзея ліхога засячыце!
І карміла я вас,
І паіла я вас,
Не пакіньце мяне
Ў мой смяротны час!»
 
Ды жукі-чарвякі
Забаяліся,
Па кутах, хто куды,
Пахаваліся:
Пчолкі -
У кашолкі,
Жук -
У капшук,
А багоўкі пад ложкі -
Берагуць свае ножкі!
 
І ніхто не вядзе
Нават вухам:
Прападай-памірай,
Цакатуха!
 
Ну а конік, ну а конік,
Быццам той зялёны коннік,
Скок, скок, скок, скок!
У хмызы,
Пад масток
І маўчок!
 
Ліхадзей жа ж зусім не жартуе,
Павуціннем ахвяру мацуе,
Іклы гострыя ў сэрца ўсаджае
І ейную кроў выпівае.
 
Муха крыкма крычыць,
Выдзіраецца,
Ну а злодзей маўчыць,
Выскаляецца.
 
Раптам - чуй! - ляціць, звініць
Цененькі Камарык,
Зырка у руцэ гарыць
Цененькі ліхтарык.
 
«Дзе забойца-ліхадзей?
На двубой няхай ідзе!»
 
Шабельку бярэ ў руку,
Смела ёй махае,
І з размаху Павуку
Галаву ссякае!
 
Муху кліча да вакна,
Усміхаецца яна.
«Я зладзею рады даў,
Я цябе уратаваў,
І чаму б нам, маладзіца,
Зараз жа не ажаніцца?»
 
Тут кузуркі ды жучочкі
Павылазілі з куточкаў:
«Слава, слава Камару -
Баявому ваяру!»
 
Прыляталі матылі
Ды запальвалі вагні -
Стала вельмі весела,
Проста любата!
 
Гэй, хутчэй, станожкі,
Бяжыце па дарожцы,
Бяжыце па музыкаў,
Будзем мы скакаць!
 
Тут музыкі прыбягалі,
Ў барабаны грукаталі.
Бом! бом! бом! бом!
Танчыць Муха з Камаром.
 
А за імі Клоп, Клоп
Боцікамі гоп, гоп!
 
Чарвячкі са смаўжамі,
Конікі - з мурашамі.
А жукі рагатыя,
Хлопцы зухаватыя,
Шапкамі махаюць,
Мятлушак запрашаюць.
 
Тара-ра і цілі-лі,
Госці танчыць пачалі.
 
Весялосці стае -
Муха замуж ідзе
За ваяку баявога,
Маладога Камара!
 
Смоўж старанна скакаў,
Боты чыста стаптаў
Са смаўжыхай скача
Ды кузуркам кажа:
 
«Вы кузурачкі,
Мае любачкі,
Прыга-прыга-прыга-прыга-прыгажулечкі!»
 
Боты скрозь рыпяць,
І абцасы грымяць, -
Мы да раніцы
Будзем бавіцца:
Сёння Муха-Цакатуха
Імянінніца!

Іншыя творы: Карней Чукоўскі