Ліст

Зоська Верас

Хацела да цябе напісаці
На пялёстку ружы пахучай,
Але пялёстак мог згінуць
У пору буры грымучай.
 
Хацела да цябе напісаці
На скрыллі у матылёчка,
Але матыль умірае,
Як прыйдзе цёмная ночка.
 
Хацела я ліст паслаці
Праз ластаўку з нашага дому,
Але ж яна магла даці
Яго каму-небудзь другому.
 
І так дзянёчкі праходзяць...
Не маю яго як паслаці,
А ліст такі ўжо сардэчны
Хацелася напісаці.
 
1920-я

Іншыя творы: Зоська Верас