Хмаркі

Францішак Багушэвіч

Хмаркі цёмныя, мае братанькі!
Вецер гоне вас без дарожанькі,
I нігдзе ж для вас няма хатанькі...
Адпачынеце аж у Божанькі!
 
Гдзе радзіліся, гдзе ж вы, хмарачкі,
Гдзе «тутэйшымі» называліся!
Леціцё усё, так як ярачкі...
Хоць бы трошкі гдзе затрымаліся!
 
Зямлі родненькай, знаць, няма у вас,
Ні вуголчыка, ні прытулачку.
А тут вецер дзьме горшы раз у раз,
Леціце жа вы без ратуначку!..
 
Летучы, сьлязой зямлю росіце,
Аж шумяць лісткі, зелянее лес;
Уміраючы, жыцьцё носіце,
Усяму жыцьцё, сабе толькі крэс!

Іншыя творы: Францішак Багушэвіч