Паварот да Горадна

Макар Краўцоў

Ізноў я тут. Цябе вітаю,
Мой родны Горадзен стары!
Ізноў па вуліцах лятаю
Да самай позняе пары.
 
З цябе нацешыцца няможна
Пасля разлукі ў тры гады!
Як міла плітачка тут кожна,
Дамы, бульварчыкі, сады.
 
Хрыбты мастоў пераламаных.
Ахвяры скончанай вайны,
Шкада мне вас, параскіданых,
Ўдалыя Нёмнавы сыны!
 
І ты - нямога пасяджэння
Магутны замак - як жывеш?
Праб'е часіна адраджэння -
Ізноў ты, мілы, загудзеш!
 
А ты... ты - Нёман бела-сіні...
Ой, як харошы, дарагі!
Старыя хвоі, як багіні,
Твае бароняць берагі.
 
Цяпер нядоляй пілігрыма
Сюды загнаны незнарок,
Твой быстры бег лаўлю вачыма,
Гляджу і ўдоўж, і ўпапярок.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Вітай жа, Горадзен, дзяціну
Тваіх муроў, твае раллі,
Хоць ты прытулішчам будзь сыну -
Выгнанцу роднае зямлі!

Іншыя творы: Макар Краўцоў