Загляне сонца...

Казімір Сваяк

Загляне сонца ў наша ваконца,
Хатку асвеціць праменьмі -
Па цёмнай ночы ажывіць вочы
Боскім да працы натхненнем.
 
Позна мы ўсталі, і шмат праспалі,
Гойдалі злыдні нам долю -
Пяялі песні нам напрадвесні,
Радасці песню ў няволі.
 
Заход смяяўся, каб ён даждаўся,
У лапцёх што з труду мы спалі, -
Усход нас мучыў цяжка-балюча:
Хацеў, каб з душой мы прапалі.
 
Абы балота, будзе ліхота:
Дзёрлі нас нянькі-начніцы -
Аж да жывога - мо з волі Бога -
Кроў аж зрасіла зямліцу.
 
Аж застагнала зямля ў падвалах,
Неба пакрыў бліск агняны -
З болю зямліцы, з крыві крыніцы
Брат наш збудзіўся русняны.
 
Асвеціць сонца яго ваконца,
Злуду мар сонных развее -
І выйдзе з плугам ён саматугам,
Родненьку ніву засее.
 
Груган з Усходу, а крук з Заходу
Дарма там жыру шукае -
Бо зерне спорна, у волю прасторна,
Хутка пад неба ўзрастае.
 
1919

Іншыя творы: Казімір Сваяк