Маршрутка

Уладзімір Мірончык

Хто не ездзіў на маршрутцы,
Той не ведае жыцця.
Дык паслухайце ж вы, людцы,
Як катаўся ў ёй і я.
 
На вакзале правінцыйным,
Дзе збіраецца народ,
Мае выгляд афіцыйны
Ўвесь наш местачковы зброд.
 
Вось стаіць хлапец з цыгарай
На ім шорты “адзідас”,
За плячом футляр з гітарай,
Едзе ў Мінск, а не ў калгас.
 
Шпрэхае нібы па-руску,
Толькі вось здалёк відаць,
Што не дасць яму ўжо спуску
Родная трасянка-маць.
 
“Гдзе, чыво, і как даехаць,
Чылавечыскій вапрос,”
Слоў чужых узяў ён вехаць,
Нібы пачак папярос.
 
Мову родную забыўшысь,
Думае, што гарадскі,
Добра хоць, што не напіўшысь,
Бо зусім памрэш з таскі.
 
Што, трасянка - дрэнна справа?
Не, шаноўны мой чытач.
Ўжо такая мовы з’ява
Гістарычная, прабач.
 
Засігналіла машына,
Абуджае сонны слых,
Шапаціць па камні шына,
Запрашае сесці ўсіх.
 
Расплаціліся па-ціху,
Новым і старым рублём,
Праклінае тое ліха
Наш вадзіцель за рулём.
 
Браў капейкі і чырвонцы,
Мацаў, правяраў на свет,
Узмакрэў, як жук на сонцы,
Покуль выдаваў білет.
 
Ну, уселіся, паедзем,
Будзь здаровенькі, вакзал!
Тут маршрутчык наш угледзеў
Велізарны самазвал.
 
- Стой! Куды, птамаць, паехаў!
І вучылі дзе цябе! -
Звонкае праз фортку рэха
Ўсім імпэту паддае.
 
Ўжо за горадам, на трасе,
Едзем моўчкі, цішыня,
Але ў дружнай нашай масе
Зазваніў мабільнік, тля.
 
У дзяўчынкі маладзенькай
І прывабненькай такой,
Абудзіў шалёнай песняй
Ўвесь грамадскі супакой.
 
Што званок там нестандартны,
Гэта людзі, паўбяды,
А вось дыялог – не жарты,
Не змяшчу яго сюды.
 
Ўсе папутчыкі маўчалі,
Нейк няёмка, сорам стыд.
Быццам і не прыкмячалі
У размове той агід.
 
Тут якраз прыёмнік грымнуў,
Хвалі радыё бягуць
Павядаюць пра навіны,
Дыктары лухту нясуць.
 
Быццам будзе ўсё бясплатна
І жыві, не памірай,
Ўсё шыкоўна, акуратна,
Словам, не жыццё, а рай.
 
Але тут ужо эстрада
Праразае наш эфір,
Ад такога перападу
Хоць ты з галавой у вір!
 
Там без голасу і слыху
Выла нейкая “звязда”,
І з дэфектам мовы крыху
Пела ўсё пра “паязда”.
 
Тут яе змяніў хрыпаты,
Сіняваты шансанье.
Пеў пра карты і адкаты,
Рэстаран і аліўе.
 
Дзіка робіцца і жудка
Ад такіх душэўных нот,
Ёсць жа людзі і ў маршрутках
Мы ж таксама тут народ!
 
Ў даўні час і пры рабоце,
І ў дарозе запяюць,
Ды аб шчасці, аб турбоце
Песні ў шлях з сабой бяруць.
 
А цяпер такія песні,
Лепш сядзі у цішыні,
Слухай птушак напрадвесні,
Як прыйдуць святыя дні.
 
Так вось едуць ціха людзі,
Паглядаюць за вакно,
Што ў дарозе далей будзе
Раскажу вам заадно.
 
Дачнікаў відаць здалёку,
Вёдры, сажанцы з сабой,
Торбы ягад і укропу,
Іван-чай і зверабой.
 
Хто дамоў вязе ванзэлкі,
Хто цягае на базар,
Зосі, Клавы і Анжэлкі
Маюць з усяго навар.
 
Тут гляджу, што ўсе ў планшэтах,
У мабільніках, ой, страх!
Адурнела ўся планета,
Будзе наша справа швах!...
 
Ўжо не пішуць, не чытаюць,
А гуляюць у гульню,
Ў інтэрнэце прападаюць,
Посцяць розную фігню.
 
Ай жа, д’ябальская сіла
Той паганы інтэрнэт!
Каб цябе чума скасіла,
Хай бы адключылі свет!
 
Тут бабуля ціха кажа, -
Дзеткі, ці далёка ён,
Інтэрнэт, што думкі свяжа,
І каштуе мо мільён?
 
Бо калі ён недалёка,
То схадзіла б я туды,
Паглядзела сваім вокам
Гэтай вашай ерунды?
 
Кажуць, там як на базары,
Прадавай, або купляй,
Ёсць усякія тавары,
Толькі грошы ім давай.
 
Я б схадзіла хоць разочак
Ў інтэрнэтны магазін,
Паглядзела там сарочак,
Нітак, і для кавы млын.
 
Але ж пенсія такая,
Што аддам усё зараз,
Можа доля ўжо другая
Будзе мае дзеткі ў вас…
 
Засмяяліся, прымоўклі,
Кожны думаў пра сваё,
За вакном лісты пажоўклі,
Разгаралася святло.
 
Быццам тут мы не чужыя,
Кожны кожнаму сусед,
Покі на зямлі жывыя
Пакідаем добры след.
 
Так даехалі у згодзе,
Прамінуў кароткі час,
Растварыліся ў народзе
Ўсе папутчыкі нараз.
 
А маршрутка набірала
Новых пасажыраў шмат.
Што ў дарозе іх чакала
Ты ўжо ведаеш, мой брат!

Іншыя творы: Уладзімір Мірончык