Апошняя ноч Каліноўскага

Рыгор Семашкевіч

Заўтра ўсё... Заўтра смерць.
        Мяне выведуць каты.
Сакавік на двары... Яшчэ тыдзень —
        і птушкі дамоў,
О буслы, дзеці сонца!
        Летучы, адшукайце вы хату,
Дзе жыве маё шчасце, якога ў жыцці не знайшоў.
 
У вясновай красе! Ясна-чыстая, нібы бяроза.
Вуснаў не цалаваў і яе не насіў на руках.
Птушкі! Людзі казалі... Прашу вас праз слёзы —
Ўкіньце вы ёй праз комін маленькага хлапчука.
 
Хай ён будзе маім! Тую дзеўчыну вы папрасіце.
У краіне цяпер будуць вісельні, здзекі і жах.
Будзе слухаць ён жаль перапёлкі
        у стоптаным жыце,
Песні ціхія з прызбаў па вечарах.
 
Веру — кроў мая ў сэрца яго застукоча.
І калі прыйдзе час новай гнеўнай касьбы,
        то ізноў,—
Хай жа пільнымі будуць і ноччу
        і днём яго вочы.
I пажары палацам! За мову, за слёзы, за кроў!..
 
Хлопчык мой! Я цябе, дарагі, абдымаю.
На радзіме маёй здратаванай павінен ты быць.
Крокі ў лёхах! Ужо і світаць пачынае!
Беларусь, мая маці! Ты будзеш, адзіная, жыць!

Іншыя творы: Рыгор Семашкевіч