Скарына ў Празе

Людміла Рублеўская

Зноў Багемская Камора
Шле свой допіс Фердынанду:
«Пан Францыск, садоўнік новы,
Завіхаецца не надта.
 
Трэба гнаць яго без жалю
Ці рабіць як след прымусіць.
Лайдака сюды прыслалі
Нам з якойсьці Белай Русі!»
 
Вулкі пражскія святлеюць
Цёплым снегам тапаліным.
Па замеценай алеі
Сам ідзе мудрэц Скарына.
 
Снег таполевы знікае
На сівым яго валоссі.
Там, у родным белым краі,
Вецер пух таксама носіць...
 
Пан садоўнік, столькі сілаў
Ты ахвяраваў асвеце,
Каб зрабіўся іх магілай
Каралеўскі сад - і вецер.
 
Бібліі жывое цела
Разрывае поп рукамі...
Пан садоўнік, ты пасеяў
Зерне на сцюдзёны камень...
 
І твае гараць усходы
У кастрах Масквы і Вільні,
Бо над Захадам і Ўсходам
Нецярпімасць - бог адзіны.
 
Пан садоўнік, пан Скарына
Па алеях саду крочыць.
Цёплым снегам тапаліным
Засыпае вецер вочы...
 
А Багемская Камора
Крэхча, грошы лічыць, піша,
Піша пра беларусіна,
Што садоўнік ён няўвішны.
 
А Багемская Камора
Хоча ягад размаітых...
...І ляціць на чэшскі горад
З Русі - попел белы літар.

Іншыя творы: Людміла Рублеўская